Выстава жывапісу Валерыя Таўкачова «Простыя рэчы»


Сябры! 14 верасня 2022 года а 18-й гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу Валерыя Таўкачова “Простыя рэчы”.

Як часта ў нашым штодзённым жыцці ў пагоні за ідэалам, навізной і дасканалымі прапорцыямі мы дазваляем сабе на хвіліну спыніцца? Як часта мы дазваляем сабе атрымаць асалоду ад простых рэчаў – шолаха апалага лісця пад нагамі, празрыстасці паветра ў восеньскім садзе, даўкага паху палявых траў? Як часта заўважаем мы халаднаватую расу на скурцы апалых яблыкаў, танец пылінак у сонечным прамяні, сетачку дробных расколін на каханым кубку, серабрыстае маўчанне зімовага лесу?
Работы Валерыя Таўкачова, прадстаўленыя на выставе “Простыя рэчы”, падахвочваюць нас яшчэ раз зірнуць на тое, што так часта выслізгвае з поля нашага зроку. Дакладна і шчыра мастак раскрывае для нас унікальнасць кожнай рэчы, кожнага моманту, падкрэсліваючы іх сціплае зачараванне і прыгажосць. З цеплынёй і любоўю майстар шукае і знаходзіць гармонію ў штодзённасці, чэрпаючы натхненне і ва ўласнай майстэрні, і за яе сценамі – у любімым садзе.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 25 работ: нацюрморты і пейзажы, створаныя ў перыяд з 2010 па 2022 год. Кожнае палатно – плён карпатлівай і ўдумлівай працы, вынік пераасэнсавання ўласных адносін да творчасці.

“Усё, што нас акружае – святло, паветра, звыклыя рэчы – усё гэта падстава тварыць. Працэс стварэння твора – гэта спроба мастака данесці свае пачуцці да гледача. І калі ён, глядач, не застанецца абыякавым, значыць мастак выканаў сваю галоўную задачу”.

У. Таўкачоў

Валерый Віктаравіч Таўкачоў нарадзіўся ў горадзе Салігорску ў 1966 годзе. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ім. А.К. Глебава. З 1988 года удзельнік мастацкіх выстаў. Работы знаходзяцца ў дзяржаўных установах Рэспублікі Беларусь і прыватных калекцыях як у Беларусі, так і за мяжой.

Выстава працягнецца да 16 кастрычніка 2022 года

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
(017) 342 24 26; (017) 337 24 30
minskmuseum.by

Уваходны квіток у галерэю:
5,00 руб. – для дарослых
3,50 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў
2,50 руб. – для школьнікаў

333