«Захаваная спадчына» / выстава захаваных помнікаў культуры і традыцыі жыхароў Лоеўскага раёна


Выстава захаваных помнікаў культуры і традыцыі жыхароў Лоеўскага раёна “Захаваная спадчына”

У рамках серыі экспазіцыйна-выставачных праектаў “Табе, наш Лоеў, блаславёны”, прымеркаваных да Дня горада і 95-х угодак стварэння Лоеўскага раёна

 

Захаваная спадчына

Багатая і самабытная гісторыя Лоеўшчыны. На працягу стагоддзяў тут праходзілі важныя гістарычныя падзеі, вялася актыўная гаспадарчая дзейнасць, развіваліся матэрыяльная і духоўная культуры, усё гэта павінна знайсці адлюстраванне ў краязнаўчым музеі, які з часам будзе адкрыты ў Лоеве

Так пачынаўся артыкул былой галоўнай захавальніцы нашага музея паважанай Веры Васільеўны Анісавец. Артыкул быў надрукаваны 14 студзеня 2003 года ў раённай газеце — у гэты час вельмі актыўна ішоў збор матэрыялаў для стварэння лоеўскага краязнаўчага музея. Тагачаснымі супрацоўнікамі былі сабраныя больш за 300 прадметаў: прадметы побыту, гаспадарчыя прылады, адзенне і тканіны,  фатаграфіі і дакументы, успаміны старажылаў і іншае.

Але мара пра адкрыццё ні краязнаўчага музея, ні нават краязнаўчай экспазіцыі пры нашым музеі не здзейснілася. Не гледзячы на гэта і адначасова разумеючы неабходнасць захавання памяці пра мінулае жыццё, увасобленае ў помніках, музейных экспанатах, традыцыях, цяперашнія супрацоўнікі вайскова-гістарычнага музея працягваюць збіраць тыя драбкі і макулінкі матэрыяльнай спадчыны, помнікі гісторыі і культуры  жыцця тубыльцаў. Так, з 2016 года наш збор краязнаўчых матэрыялаў папоўніўся амаль што 200 прадметамі. Асаблівую увагу сённяшнія музейшчыкі надаюць збору старых фотаздымкаў, звязаных з Лоевам і раёнам. Некаторыя з нашых знаходак можна пабачыць на выставе “Захаваная спадчына”.

Яшчэ на пачатку 2000-ых Марыя Самуілаўна Анісавец з Каўпені захавала і перадала ў музей рэчы сваёй мамы Марфы Сямёнаўны Селівонавай, 1887 г. нараджэння. Сярод іх — жаночая спадніца ў складочку (дрылях) з даматканага двухколернага ільнянога палатна — адбеленага і афарбаванага ў сіні колер лёну. Сапраўдны шэдэўр ручной работы.

У нашай калекцыі ёсць і некалькі ручнікоў дарэвалюцыйнага часу. Адзін з іх падаравала музею Ніна Міхайлаўна Юдэнка з Бывалек. Гэта работа яе прабабкі Марфы Кілаш, 1850 г. нараджэння. Гэты ручнік-набожнік — унікальная рэч. Выраблены ён з саматканага ільнянога палатна, мае багатую вышыўку, выкананую на высокім узроўні.

На экспазіцыі прадстаўлены фартух вельмі зыркага бардовага колеру. Яго перадала ў музей Марыя Паўлаўна Краўчанка, а належыў ён Пелагеі Лявонцьеўне Коўзік — бабулі, — якая нарадзілася ў Крупейках у 1893 годзе і памерла у 1986 годзе.

Некаторыя рэчы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, “родам” не з Лоеўшчыны — яны сведчаць пра блізкасць культуры сумежных рэгіёнаў. На выставе можна пабачыць ручнік і сарафан, якія прывезла з сабой Ульяна Сяргееўна Патапенка (Патапчанка), 1927 г. нараджэння, ураджэнка сяла Стольнае Менскага раёна суседняй Чарнігаўшчыны.

Вельмі адметна на экспазіцыі глядзіцца ручнік-набожнік, вышыты у 1948 годзе Ксеніяй Аляксееўнай Патапенка з Лоева. Набожнічак Ксенія Аляксееўна вышывала яшчэ ў юнацтве, але ён выглядае вельмі старанна зробленым.

Акрамя прадметаў творчасці ўдалося прыдбаць для будучага музея і шмат якія іншыя экспанаты. Сярод іх — прылады сельскагаспадарчай вытворчасці, народных рамёстваў і промыслаў, прадметы побыту і хатняга начыння. У вёсцы Першамайск супрацоўнікі музея знайшлі ўнікальны экспанат — прасніцу з пазначанай на ёй майстрам датай вырабу — 1902 год. Прасніца, нягледзячы на час, добра захавалася. Майстар упрыгожыў сваю прыладу разьбой і адлюстраваў на ёй нейкія сімвалічныя знакі, якія, магчыма, таксама нясуць нейкую інфармацыю.

На выставе можна таксама пабачыць фотаздымкі лаяўцоў, сабраныя намі.

Прадстаўленыя прадметы зберагаюцца супрацоўнікамі музея і кожны экспанат з’яўляецца унікальным. Таму што  вельмі часта ён адзіны ў нашым зборы.

 

134