
ЛабаРАторыя паэтычнай метафізікі.
Метафізіка канону. Максім Багдановіч.
21 мая 2025 года, а 19-й гадзіне
Цыкл сустрэч, прысвечаных беларускай (і сусветнай) традыцыі інтэлектуальнай літаратуры / метафізічнай паэзіі. Па форме выступае як conversatorium, літаратурна-філасофская майстроўня, у якой адбываецца сумесная работа па адмыканні сэнсаў, схаваных пад абалонкай літаратурных твораў.
Тэма: “Метафізіка канону. Максім Багдановіч”.
Максім Багдановіч у беларускім літаратурным каноне абавязковы трэці: пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ён дэміург, творца, але творца чалавечага: чалавечых формаў, чалавечага лёсу. Ён выходзіць за межы стыхіяў, магутных, безасабовых, і знаходзіць сябе ўжо ўнутры беларускага свету. Стваральнік і вытлумачальнік гармоніі, нястомны шукальнік музыкі ў чалавечых жыццях і тутэйшых краявідах.
Ён першы, хто абыходзіцца без маскі, без псеўданіма, застаецца сабой.
Багдановіч расказвае нам дзве гісторыі.
Першая: вяртанне дадому, радасць ад свайго, адкрыццё сваіх формаў.
Другая: апазнаванне чыстай красы, сузіранне прыгажосці, тварэнне ў прыгожым.
Гэтыя гісторыі пераплятаюцца, злучаюць у адно сваё і чужое, далёкае і блізкае, боскае і чалавечае...
Мадэратар: Ігар Бабкоў, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт.
Уваходны квіток 5 рублёў.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Мінск, вул. М.Багдановіча, 7
+375 29 101 71 47, +375 17 363 07 61.