
Ільюшэнка Марыя Васільеўна нарадзілася 15 мая 1922 года ў сяле Калабоўка Ленінскага раёна Сталінградскай вобласці ў сям’і сялян-беднякоў. Вучылася ў Цараўскай сярэдняй школе.
У 1939 годзе, пасля заканчэння школы, Марыя пачала працаваць піянерважатай ў Цараўскім дзіцячым доме. І дзеці душой цягнуліся да прыгожай і добрай сваёй важатай (выхавальніцы).
Аднак пачалася вайна. 21 дзяўчына сяла Цараў, у тым ліку і Марыя падалі заявы з просьбай направіць на фронт добраахвотнікамі. Просьбу накіравалі ў ваенную акругу адкуль прыйшоў адказ. А калі споўнілася 19 гадоў, Марыя зноў піша заяву з просьбай накіраваць яе на фронт. І вось яна разам з васьмі тысячамі дзяўчат-добраахвотнікаў у красавіку 1942 года прыбыла ў 9-ы Сталінградскі корпус супрацьпаветранай абароны, 10-га асобнага батальёна. Прысягу прыняла 25 мая 1942 года. Дзяўчат вучылі спецыяльнасці і разаслалі на пасты назірання ў Растоўскую вобласць, куды падыйшоў фронт. Марыя Васільеўна ўспамінае: “Ускладзеныя на нас абавязкі назіраць за з’яўленнем у небе нямецкіх самалётаў і паведамляць аб гэтым у штаб, мы выконвалі добрасумленна. Адразу і безпамылкова па шуму матораў вызначалі марку і тып самалётаў, іх колькасць, напрамак, вышыню. Нашы даныя камандаванне выкарыстоўвала ў паветраных баях і пры знішчэнні варожых самалётаў зеніткамі. Кожную хвіліну разумелі, якая адказнасць ляжыць на нас.” Асаблівую адказнасць адчувала Марыя, як начальнік назіральнага пункта. Цяжка і складана для дзяўчат несці кругласутачную вахту. Яны па дзве гадзіны стаялі на вышцы, не адрываючыся ад бінокля, а затым садзілася за тэлефонны апарат. Калі абрывалася сувязь, даводзілася выходзіць на лінію, дзе часта падсцерагала небяспека. Пасты былі раскіданы па Дону і Волзе па ўсёй тэрыторыі Сталінградскай вобласці адзін ад другога на адлегласці 15-20 км. Жылі дзяўчаты ў тыя грозныя ваенныя гады ў зямлянках, якія самы і будавалі, складалі печы. Марыя Васільена ўспамінае: “На Мамаевым кургане ў тым месцы, дзе зараз устаноўлены мемарыял героям Сталінградскай бітвы, знаходзіліся нашы зямлянкі, была змантыравана радыёстанцыя. Днём і ноччу нясліся пазыўныя ва ўсе раёны вобласці. Гітлераўскія самалёты ляцелі да Волгі, захоўваючы строй як на парадзе, пікіравалі на жылыя дамы скідваючы бомбы, а ім насустрач ужо ляцела новая група паветраных піратаў”. Аднак дзяўчаты вытрымалі ўсе ваенныя выпрабаванні.
На Сталінградскім фронце Марыя Ільюшэнка ваявала з 22 жніўня 1942 па 2 лютага 1943 года.
Пасля Перамогі пад Сталінградам Марыя Васільеўна разам з 62-й арміяй становіцца абаронцам беларускай зямлі.
А ў 1944 годзе яна ўзначальвае пост ПНАС (паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі) у вёсцы Харашкі Дзятлаўскага раёна. У той час у кажухоўскіх лясах лютавала банда Букраба. Кожную ноч бандыты прыязджалі грабіць вескі: Харашкі, Моўчадзь, Міцькавічы. Баявы пост, якім камандавала Марыя Васільеўна, браў пад сваю ахову мясцовых жыхароў.
Дэмабілізавалася 19 ліпеня 1945 года.
Пасля вайны Марыя Васільеўна закончыла Гродзенскую партшколу і была накіравана ў Дзятлаўскі райкам камсамола, дзе працавала другім сакратаром. У 1948 – 1968 гадах Марыя Васільеўна – дырэктар Дзятлаўскага Дома культуры. У 1968 – 1985 гадах яна працавала адміністратарам у гасцініцы.
Марыя Васільеўна, персанальная пенсіянерка мясцовага значэння, вяла вялікую грамадскую работу, яна – старшыня аб’яднання “Ветэраны ў страі”, старшыня таварыстскага суда пры пасялковым Савеце, член прэзідыума раённага Савета ветэранаў вайны і інш.
Марыя Васільеўна Ільюшэнка ўзнагароджана медалямі “За абарону Сталінграда”, “За перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, юбілейнымі медалямі, медалём “Ветэран працы”, значком “Выдатнік супрацьпаветранай абароны” і інш.
6 лютага 2013 года Марыі Васільеўны Ільюшэнка не стала. У гісторыка-краязнаўчым музеі экспануюцца аб ёй матэрыялы.