Удзел у выставе-кірмашы «АДПАЧЫНАК-2025»

З 27 па 29 сакавіка на пляцоўцы шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-арэна» праходзіла 27-я Міжнародная выстава-кірмаш турыстычных паслуг «АДПАЧЫНАК». Яна з'яўляецца самай буйной турыстычнай выставай у Беларусі ў катэгорыі «Турызм і адпачынак».

Гэта міжнародная дзелавая пляцоўка для краін, рэгіёнаў і турыстычных кампаній з усяго свету, якія прадстаўляюць свае прадукты і паслугі на беларускім рынку. Тэматыка выставы-кірмашу дастаткова шырокая: падарожжы, экатурызм, экскурсійныя праграмы, гасцінічны сэрвіс і інш. Штогод мерапрыемства наведваюць больш за 7000 чалавек.

Сёлета ў рабоце выставы-кірмашу прынялі ўдзел і супрацоўнікі Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У рамках інавацыйнага праекта «Полацкая набіванка» пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры вядучы навуковы супрацоўнік Т. В. Бараненка правяла майстар-клас па дэкарыраванні сурвэткі ў фарбавальна-набоечнай тэхніцы.

У ходзе майстар-класа ўдзельнікі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення тэхнікі дэкарыравання тканіны пры дапамозе дошак-клішэ на тэрыторыі Беларусі, а таксама з працэсам стварэння самых простых прылад для набіванкі, з ходам навукова-даследчай дзейнасці, якая праводзіцца ў рамках праекта па вывучэнні асаблівасцей набіванкі на Полаччыне.

Наведвальнікі паспрабавалі сябе і ў ролі сапраўдных майстроў! Кожны ўдзельнік стварыў стыльную сурвэтку, упрыгожыўшы яе ўзорамі, якія паўтараюць матывы набіванкі першай паловы ХХ стагоддзя са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

320