Балада аб сустрэчы сына з маці на ваеннай дарозе пад Берлінам

Балада аб сустрэчы сына з маці на ваеннай дарозе пад Берлінам

Ваенныя дарогі... Франтавыя лёсы... Па-рознаму яны складуцца ў маталян. Адзін з нашых аднавяскоўцаў Аляксандр Васільевіч Пташыц, разлучаны на пачатку вайны з мaцi i роднымі, вывезенымі ў Германію, сустрэне ix, вызваленых з няволі, на ваеннай дарозе пад Берлінам. Гэта быў красавік 45-га году. Людзі, вызваленыя з няволі, рухаліся на Усход, а насустрач iм, наперад да Берліна ішла ваенная калона салдат. У гэтай ваеннай калоне былі два салдаты з Моталя. Адзін з ix Іван Райкевіч раптам заўважыў у ідучым насустрач людскім натоўпу жанчыну ў даматканай світцы. «Няўжо хто з Моталя?!» − мільганула думка. Глядзіць салдат: далёка між людзей адна з жанчын нагадвае кагосці, ідзе ў світцы, а такіх нідзе не бачыў ён, як толькі ў роднай вёсцы. Ён дагоніць яе i... пазнае мaцi свайго сябра Сашы Пташыца! А можа часам памыліўся?! Дагнаў яе, у вочы паглядзеў... На саматканай світцы − кветкі з лёну... - Цётка, вы часам не з Беларусі? - 3 Беларусі, салдат. - А, можа, з-пад Пінска? - Так... – асцярожна адказала жанчына. - I, напэўна, з Моталя? − ён ужо бачыў: яна! - 3 Моталя... - Можа, вы Сашына мaці?! - крыкне ён, стрымліваючы слёзы. - А мой ты саколіку... Іванко! - Ах, цётачка! Там Сашка ваш iдзе! Кінецца яна ўздоўж дарогі, разглядваючы кожнага ў вочы: Саша, Сашко!... Пачуўшы свае імя i родны голас, будзе i ён бегчы на мацярынскі голас. - Сыночак родны! Сашачка! Сынок!... І цішыня зрабілася наўкола... Той крык душы дзіця яе знайшоў і бег салдат на мацярынскі голас. Прабіўшыся скрозь мнагалюддзе ваеннай дарогі, кіненецца Саша да мaцi, а яна... не пазнае сына: - Салдат, ты Сашу Пташыца не бачыў?! I тут не вытрымае таварыш Іван Райкевіч: - Гэга ж ваш сын, Саша... Ад шчасця слёзы хлынулі з вачэй. Абняў сын маці, прытуліў да сэрца... I не было нічога даражэй сустрэчы ix за ўсе дні ліхалецця. I застыне батальён, на некалькі хвілін заціхне ваенная дарога. “Сын маці сустрэў, сын мaцi сустрэў…”, - панясецца з калоны ў калону. Будуць ісці да Сашы Пташыца салдаты, быццам на споведзь, як за жывою вадою, каб набрацца сілы i веры перад апошнімі, жорсткімі баямі: “Раскажы, Саша, як маці сустрэў...” -“Спаткаў сын мaцi! Maцi сын спаткаў!"- Панеслася над ротай, бы малітва. 1 ў думках кожны з ix успамінаў Сваю матулю перад грознай бітвай.

Май 45-га года

А.В. Пташыцу

Дурманіў пах чаромхі і сасны.
Салдаты йшлі не чуючы знямогі, −
У выкляты Берлін, да логава вайны,
Да найвялікшай слаўнай Перамогі.

Насустрач, нібы з выраю буслы,
У розныя спяшаліся мясціны –
Нявольнікі з германскай кабалы,
Дзе на фашыстаў цяжка гнулі спіны.

Глядзіць салдат: далёка між людзей –
Адна з жанчын нагадвае кагосьці,
Ідзе − ў світцы, а такіх нідзе
Не бачыў ён, як толькі ў роднай весцы.

Дагнаў яе, у вочы паглядзеў…
На самакатнай світцы − кветкі з лёну…
−Ах, цётачка! Там Сашка ваш ідзе!
І маці кінулася ўздоўж калоны.

− Сыночак родны! Сашачка! Сашо-о-о-к!
І цішыня зрабілася наўкола…
Той крык душы дзіця яе знайшоў,
І бег салдат на мацярынскі голас.

Ад шчасця слёзы хлынулі з вачэй –
Абняў сын маці, прытуліў да сэрца
І не было нічога даражэй
сустрэчы іх -за ўсе дні ліхалецця.

«Спаткаў сын маці! Маці сын спаткаў!» −
Панеслася над ротай, бы малітва,
І ў думках кожны з іх успамінаў
Сваю матулю перад грознай бітвай.

Аўтар: Валянціна Кульбеда-Бакун

59