Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь

Музей быў створаны ў горадзе Мінску 23 сакавіка 1990 года. Першапачаткова ён размяшчаўся ў будынку па вуліцы Старавіленская, 14 (сёння там знаходзіцца адзін з двух філіялаў музея – “Гасцёўня Ўладзіслава Галубка”). У 2001 годзе музей пераехаў ў спецыяльна адрэстаўраваны для яго будынак, па Музычнаму зав., 5.
Асноўны фонд музея на канец 2010 г. складае больш за 25 000 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – больш за 2500 адзінак. Фонд музея штогод дапаўняецца новымі і цікавымі рэчамі. Напрыклад, у 2010 годзе у фонды трапіў кантрабас (басэтля) XVIII стагоддзя работы італьянскага майстра (магчыма П’етра Антоніа Ландольфі), які перадала ў дар Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Агульная плошча экспазіцыі складае 362 кв. м. Музей мае 10 экспазіцыйных і адну выставачную залу.
Экспанаты музея падзяляюцца на 10 калекцый: музычныя інструменты, нотныя рукапісы, дакументальныя матэрыялы, фотаздымкі і фотарэпрадукцыі, афішы і праграмы, выяўленчыя матэрыялы, фоназапісы, відэазапісы, рэдкія друкаваныя выданні, мемарыяльныя рэчы. У калекцыі “дакументальныя матэрыялы” знаходзяцца асабістыя дакументы, рэжысёрскія распрацоўкі, манціроўкі спектакляў, тэксты роляў з паметкамі выканаўцаў і г.д., у калецыі “выяўленчыя матэрыялы – эскізы дэкарацый і касцюмаў, макеты дэкарацый, тэатральныя лялькі, мастацкія партрэты дзеячоў мастацтва, скульптурныя выявы, эцюды і замалёўкі беларускіх мастакоў-сцэнографаў.
Першая экспазіцыя музея – “Вытокі тэатральнай і музычнай культуры на беларускіх землях” – адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў у 2002 годзе. У ёй знаходзяцца старажытныя музычныя інструменты (свістулька, жалейка, пешка-барабаншчык, вухавёртка), традыцыйныя музычныя інструменты (трашчоткі, калатушкі, бразготкі, дуды, скрыпкі, гармонікі, цымбалы і інш.), фрагменты “Радзівілаўскага летапісу” з выявамі прадстаўлення скамарохаў, народныя календары і фальклорныя строі, рэчы, якія расказваюць пра народныя святы і абрады. У экспазіцыі “Батлейка” (беларускі народны лялечны тэатр) прадстаўлены розныя віды батлеек (яселкі, віцебскі жлоб і двухпавярховая магілёўская батлейка), лялькі да розных спектакляў. Вельмі цікавіць наведвальнікаў экспазіцыя “Музычная культура Беларусі X-XIX ст.”. Экспазіцыя “Беларуская музычная культура XX ст.” знаёміць наведвальнікаў з нотнымі рукапісамі твораў беларускіх кампазітараў, музычнымі інструментамі, мемарыяльнымі рэчамі дзеячаў беларускай музычнай культуры. Там прадстаўлены сцэнічныя касцюмы, афішы, праграмы, фотаздымкі і іншыя матэрыялы аб творчай дзейнасці музычных калектываў Беларусі.
У 2006 годзе адчынілася экспазіцыя “Тэатральная культура Беларусі XX ст.”, якая прысвечана станаўленню прафесійнага беларускага тэатральнага мастацтва на працягу XX ст. Паказаны найбольш значныя падзеі, спектаклі, гістарычныя дакументы, афішы, праграмы і фотаздымкі, звязаныя з дзейнасцю тэатраў Беларусі. Асноўную экспазіцыю дапаўняюць мемарыяльныя пакоі, прысвечаныя творчасці выдатных майстоў беларускай сцэны: нар. арт. СССР Л. Александроўскай, нар. арт. СССР С. Станюты, нар. арт. СССР М. Яроменкі і яго сям’і (жонкі – нар. арт. Бел. Г. Арловай, і сына М. Яроменка, акцёра кіно). У 2010 годзе адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў мемарыяльны пакой кампазітара Я. Глебава. Маецца зала, прысвечаная гісторыі развіцця беларускага лялечнага тэатра.
У музеі праводзіцца вялікая колькасць розных мерапрыемстваў: творчыя сустрэчы, мерапрыемствы да юбілейных дат дзеячоў тэатральнага і музычнага мастацтва, тэматычныя выстаўкі, канферэнцыі.
Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры мае 2 філіяла: “Музей гісторыі беларускага кіно” (вул. Свярдлова, 4) і “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” (вул. Старавіленская, 14).


Карта проезда
myzej




®